Існавала ў Гродне ў 18—19 ст. Пабудавана ў 1726 у двары Гродзенскага Новага замка, злучалася з ім 2-павярховымі П-падобнымі ў плане драўлянымі карпусамі, якія абкружалі вял. двор. Пабудова ўключала вял. базілікальную залу, уваходны вестыбюль з лесвіцай і памяшканне для кур’ераў. У глыбіні залы на ўзвышэнні знаходзілася крэсла караля. Унутраная аздоба залы характэрная для архітэктуры стылю ракако — сцены чляніліся высокімі пілястрамі, філёнгамі, былі ўпрыгожаны размалёўкай і скульптурнымі рэльефамі ў мудрагеліста выгнутых рамах, вокны аформлены ліштвамі складанай формы.